Пра нас

“Свежы Вецер” – валанцёрская грамадская кампанія, створаная беларусамі ў 2019 годзе з мэтай абароны незалежнасці Беларусі ад паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. Дзякуючы дзейнасці спачатку дзясяткаў, а пасля сотняў яе актывістаў-валанцёраў, тэма небяспекі збліжэння з РФ і неканстытуцыйнасці яе правядзення стала рэзананснай і выклікала вялікі водгук у беларускай публічнай прасторы: у сацыяльных сетках і недзяржаўных СМІ.


Жывы ланцуг ад “Свежага ветру” у Мінску. 7 снежня 2019.

Сто дзён да аншлюсу

Наша інфармацыйная кампанія “Сто дзён да аншлюсу” здолела зламаць бар’ер замоўчвання перамоваў па інтэграцыі нават у дзяржаўных і ўрадавых установах. Праз яе сотні тысяч беларусаў даведаліся пра існаванне трыццаць адной дарожнай мапы інтэграцыі эканамічных сістэм дзвюх краін, якія істотна абмяжоўваюць таксама і палітычны суверэнітэт Беларусі. У канчатковым разрахунку гэта выклікала ў Беларусі хвалю публічных выказванняў нежадання інтэграцыі з Расіяй. У выніку актыўных дзеянняў усіх пранезалежніцкіх сіл у мінулым годзе, колькасць прыхільнікаў супрацы з Расіяй у Беларусі скарацілася на траціну.


Прэс-канферэнцыя Свежага Ветру ў Прэс-клубе

Дарожныя мапы, якія беларускі ўрад засакрэціў, не былі падпісаныя ані ў снежні, ані ў студзені сёлета. Але небяспека рэйдэрскага захопу Беларусі шляхам далейшага эканамічнага і палітычнага ціску нікуды не падзелася. Саюзная дамова, падпісаная ў красавіку 1999 году, дагэтуль не дэнансаваная. А са студзеня 2020 Расія адмяніла выгадныя беларускаму кіраўніцтву схемы паставак нафты і газу ды запусціла механізм давядзення Беларусі да дэфолту.

Мэта

Мэта гэтага працэсу – ранейшая: інкарпарацыя нашай краіны ў склад РФ. Таму грамадская кампанія “Свежы Вецер” працягвае сваю дзейнасць і заклікае далучацца да яе.